3 лістапада ў выставачнай зале Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва адкрылася выстава «Аляксандр Карпан (1953-2016). Adagio. Акварэль», прымеркаваная да 70 - годдзя з дня нараджэння мастака. З 1979 па 2014 гады Аляксандр Карпан выкладаў малюнак, жывапіс і кампазіцыю на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава. Ён быў адным з самых паважаных педагогаў па мастацтву, сапраўдным прафесіяналам сваёй справы. За гады працы на кафедры выяўленчага мастацтва Аляксандр Карпан падрыхтаваў вялікую колькасць вучняў, многія з якіх сталі яркімі творчымі індывідуальнасцямі і сёння вядомыя не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Ада́жыа (Adagio)... Для Аляксандра Карпана гэта была не толькі адна з самых любімых мелодый у выкананні Лары Фабіан, але, напэўна, тэмпаральнасць усяго яго жыцця і творчасці. У павольным, спакойным рытме мастак больш за ўсё цаніў гармонію і стрыманасць, а ў выяўленчым мастацтве і музыцы вельмі трапяткова адносіўся да характара інтанацыі і меладычнага малюнка. Музыка была арганічнай часткай творчай натуры Аляксандра Карпана. Магчыма, таму кожная яго акварэль успрымаецца як музычная фраза. Як маленькае «adagio». Без перабольшвання А. Карпана можна было б назваць выдатным меладыстам у шырокім сэнсе гэтага слова. Не пазбаўленыя сентыментальнасці і пачуцёвасці, пяшчотнасці і лірызма акварэлі мастака ўражваюць высокім прафесіяналізмам, паліфанічнымі пластычнымі варыяцыямі, шырокім дыяпазонам мадуляцый колеру і ў цэлым – нейкай патаемнай меладычнай энергіяй.

Пры ўсёй сур’ёзнасці стаўлення да мастацтва Аляксандр Карпан пісаў свае акварэлі неяк надзвычай лёгка. Здавалася, што неўтаймаваная стыхія адной з найбольш складаных тэхнік жывапісу была для яго зразумелай і цалкам падуладнай. Аднолькава таленавіта А. Карпан працаваў у розных жанрах, хоць і аддаваў перавагу нацюрморту, пейзажу і партрэту.

Пачынаючы з 1979 года Аляксандр Карпан з'яўляўся актыўным удзельнікам абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выстаў, міжнародных і рэспубліканскіх пленэраў. За апошнія два дзесяцігоддзі А. Карпан атрымаў прызнанне і найвышэйшыя адзнакі прафесіяналаў і гледачоў на буйных міжнародных акварэльных біенале ў Каўнасе (Літва), Шэньжэне (КНР), Санкт-Пецярбургу і Петразаводску (Расія), Віцебску і Полацку (Беларусь). Мастак неаднаразова праводзіў майстар-класы ў Віцебску, Мінску, у Арт-цэнтры імя Марка Ротка (г. Даўгаўпілс, Латвія), у анлайн-прасторы.

Творы Аляксандра Карпана захоўваюцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Полацкага гісторыка - архітэктурнага музея-запаведніка, Мастацкага музея г. Віцебска, аддзела культуры г. Нінбурга (Германія), аддзела культуры г. Вецлара (Германія), Саюза мастакоў г. Брэмена (Германія), Таварыства беларуска-нямецкага сяброўства г. Куксхафэна (Германія), а таксама ў прыватных калекцыях у Аўстрыі, Англіі, Беларусі, Бельгіі, Германіі, Грэцыі, ЗША, Ізраілі, Італіі, Ірландыі, Канадзе, Кітаі, Латвіі, Польшчы, Расіі, Украіне, Францыі, Чэхіі і Эстоніі.

Міхась Цыбульскі, кандыдат мастацтвазнаўства, куратар выставы.

1 2
3 4

patriot photo 2020 06 11 14 46 41 b6c9d020a8d98865ed811f64277eddcc logo Баннер Витебские вести banner vitbichi 02 правоby
logo god kachestva FEST STYLE 2024 600х400 МинЛоготип105 20220707 pravovoj forum belarusi img211109 02 Приложение 3 Баннер ПРО русск qr code 3 12 100229 1 157722 Изображ соцсети 1

@ Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава"