Як пабудаваць аптымальную педагагічную траекторыю — паразважалі з рэктарам Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Валянцінай Багатыровай. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Надзейныя арыенціры
— Вялікае шчасце сустрэць у жыцці людзей, каго мы потым з пашанай называем “Настаўнік з вялікай літары”. Валянціна Васільеўна, а для вас хто запаліў пуцяводныя зоркі?
— Пра многіх сваіх школьных настаўнікаў і ўніверсітэцкіх выкладчыкаў хацела б сказаць, толькі не пералічыць імёны, а падрабязней — але тады атрымаецца асобная размова! Таму коратка і шчыра: з цеплынёй, вялікай удзячнасцю ўспамінаю кожнага з гэтых рупліўцаў на ніве адукацыі, нізкі ім паклон. У навуцы такім правадніком і дарадчыкам для мяне стаў доктар эканамічных навук прафесар Дзмітрый Аляксеевіч Панкоў з Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Калі ж па жыцці, то гэта доктар тэхнічных навук прафесар Эрнст Міхайлавіч Бабенка — мудры, добразычлівы і адкрыты чалавек, патрыёт, вучоны з сусветным імем, інаватар, аўтарытэтны лідар з унікальным кіраўніцкім талентам. Ён стаяў ля вытокаў стварэння інстытута, затым універсітэта ў Полацку і потым доўгі час яго ўзначальваў. Сапраўды пуцяводная зорка для некалькіх пакаленняў, арыенцір для сучаснікаў.

















