З 6 па 10 снежня на факультэце гуманітарыстыкі і моўных камунікацый у сёмы раз праходзіў Фестываль беларускага слова, арганізаваны кафедрай беларускага мовазнаўства. Сёлетні фестываль вызначаўся тэматычнымі мерапрыемствамі, прысвечанымі беларускай культуры.

Першы дзень фестывалю быў прысвечаны беларускай кухні. Адкрыў фестываль беларускі кірмаш “Дзякуй скажаш, як з’ясі”. Гледачы змаглі адчуць сапраўдную атмасферу свята, паўдзельнічаць у гульнях і пасмакаваць традыцыйныя беларускія стравы.

1 2

Другі дзень фестывалю быў прысвечаны беларускім рамёствам. Студэнты і выкладчыкі наведалі музей i майстар-клас па ганчарнай справе і саломапляценню “Збяры свой лэпбук” на мастацка-графічным факультэце. Аказваецца, гліна ператвараецца пры дапамозе нескладаных рухаў у сапраўдны твор мастацтва. Студэнтам пашчасціла на некалькі хвілін адчуць сябе сапраўднымi ганчарамi і зрабіць цудоўныя вырабы. Таксама дзяўчаты i хлопцы ўласнымі рукамі зрабілі сабе абярэг з саломкi ў выглядзе анёла. Атрыманыя веды i эмоцыi застануцца надоўга. Самі студэнты адзначаюць, што пасля такіх неверагодных майстар-класаў добры настрой суправаджаў іх цэлы дзень.

3 4

Таксама 7 снежня прайшло віртуальнае падарожжа Ведай нашых. Беларусы, якія прынеслі славу іншым народам. Лёс наканаваў шматлікім адораным разнастайнымі талентамі беларусам служыць не сваёй культуры: ствараць кнігі, займацца гісторыяй, філалогіяй, педагогікай і інш. Да іх ліку адносяцца Уладзімір Спасовіч, Эліза Ажэшка, Фёдар Дастаеўскі, Міхаіл Глінка, Станіслаў Манюшка, Іван Насовіч і многія іншыя. Пра гэтых беларусаў і даведаліся нашы студэнты, дзякуючы імпрэзе “Ведай нашых!”.

5

8 снежня прайшоў Дзень студэнцкай творчасці “Беларускі калейдаскоп”. Студэнтамі факультэта быў праведзены капуснік Адчуй наш вайб, у якім кожны мог паказаць свае таленты. Гледачы пачулі песні, прыпеўкі і вершы на беларускай мове. Спадзяёмся, што капуснік будзе добрай традыцыяй Фестывалю беларускага слова.

6

Акрамя таго, 8 снежня адбылося адкрытае пасяджэнне студэнцкага навуковага гуртка “Мова ў кантэксце культуры” з удзелам вучняў 11-х класаў педагагічнай скіраванасці СШ № 4 г. Віцебска. Сустрэча пад назвай “Ёсць адна толькі мудрасць жыцця” была прымеркавана да 130-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры М. Багдановіча. Віталі ўдзельнікаў мерапрыемства дэкан ФГіМК С.У. Нікалаенка, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства С.В. Мартынкевіч, дацэнты кафедры А.С. Дзядова і К.С. Півавар. Студэнты 1-га курса ўзгадалі асноўныя факты з біяграфіі творцы, а школьнікі праверылі свае веды ў займальнай віктарыне, асэнсавалі афарызмы “паэта чыстай красы”, стварылі перадкалядныя вянкі “у стылі М. Багдановіча”.

7

У сераду прайшоў таксама Дзень беларускага музея, арганізаваны кафедрай гісторыі і культурнай спадчыны сумесна з музеямі нашага горада. Студэнты змаглі наведаць экспазіцыі і выставы Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза М.П. Шмырова і Музея Марка Шагала ў Віцебску.

8

Чацвёрты дзень фестывалю – Дзень беларускай кнігі – ўсім запомніўся літаратурна-мастацкай кампазіцыяй “Усё знікае, праходзіць, як дым, светлы ж след будзе вечна жывым”, прысвечанай 130-годдзю з нараджэння Максіма Багдановіча. Дзякуючы творчым талентам яе ўдзельнікаў (Коцікавай Д., Калухонавай В., Рымша У., Асташонак А., Балыка В., Кадукову А., Лонскаму А., Сіманковіч А.) прысутныя з лёгкасцю захапіліся чароўным мастацкім словам “вечна юнага” паэта Беларусі.

9

Акрамя таго, 9 снежня кафедрай літаратуры было праведзена некалькі мерапрыемстваў, якія пашырылі ўяўленні студэнтаў пра значнасць мастацкай спадчыны беларусаў. Спачатку адбыўся флэшмоб “Створым слуцкі пояс разам”, падчас якога зацікаўленыя юнакі і дзяўчаты маглі сваімі рукамі намаляваць сакральныя ўзоры беларускага слуцкага пояса. Далейшыя культурныя праекты былі яшчэ больш цесна звязаны са 130-годдзем з дня нараджэння Максіма Багдановіча. На працягу вучэбнага дня ў факультэцкім холе дэманстраваліся дакументальныя стужкі пра жыццё славутага Максіма-кніжніка, а таксама відэафільм “М. Багдановіч. Маладыя гады, маладыя жаданні” з запісам пераможнай пастаноўкі да рэспубліканскага конкурса “Рэцытацыя”.

10

9 снежня ў абласной бібліятэцы г.Віцебска адбылася прэзентацыя кнігі “Традыцыйная культура і побыт”, аўтарамі якой з’яўляюцца дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Кацярына Сяргееўна Півавар і светлай памяці былы загадчык кафедры Генадзь Антонавіч Арцямёнак. Выданне выйшла ў серыі “Вялікая энцыклапедыя маленькага прафесара” і адрасавана чытачам малодшага і сярэдняга школьнага ўросту, аднак будзе цікавым і карысным чытачам усіх узростаў.

11 12

На працягу фестывалю праходзілі мерапрыемствы і ў анлайн-фармаце на базе папулярных сярод студэнцкай моладзі сацыяльных сетак і тэлеграм-канала факультэта. З нагоды 130-годдзя з дня нараджэння М. Багдановіча быў запушчаны чэлендж “Мой Багдановіч”, дзе кожны жадаючы мог зняць відэа, як ён чытае свой любімы верш нашага славутага земляка. Зрабіць ва ўніверсітэце фотаздымак, які адлюстроўвае цікавыя моманты жыцця на факультэце, і прыдумаць для яго арыгінальны подпіс на беларускай мове студэнты маглі падчас чэленджу “Мой ФГіМК”. Пераўвасобіцца ў героя ці гераіню з любога твора беларускай літаратуры можна было падчас відэа-чэленджу “Касплэй па-беларуску”. Актыўны ўдзел у чэленджах прынялі не толькі студэнты і выкладчыкі розных факультэтаў ВДУ імя П.М. Машэрава, але і вучні школ і гімназій Віцебска, навучэнцы Полацкага каледжа ВДУ імя П.М. Машэрава.

13 14

 

Апошні дзень Фестывалю беларускага слова – Дзень беларускага тэатра. На закрыцці фестывалю былі падведзены вынікі чэленджаў і конкурсу перакладаў вершаў М. Багдановіча на англійскую і нямецкую мовы “BogdanoWEch: перакладзі ж мяне, паэт!”. Далей гледачоў чакала тэатральная пастаноўка па творы Уладзіміра Караткевіча “Явар і Каліна”, якую падрыхтавалі студэнты факультэта разам з актрысай тэатра “Лялька” Шабан Н.А.

15 16

Тыдзень выдаўся насычаным, цікавым і каларытным. Кожны меў магчымасць паўдзельнічаць у мерапрыемствах фестывалю і тым самым пашырыць свае веды ў розных відах мастацтва і далучыцца да беларускай культуры.

Больш інфармацыі, відэа і фотаздымкаў – у Тэлеграм-канале факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый https://t.me/vsu_fhlc.

patriot photo 2020 06 11 14 46 41 b6c9d020a8d98865ed811f64277eddcc logo Баннер Витебские вести banner vitbichi 02 правоby
logo god kachestva FEST STYLE 2024 600х400 МинЛоготип105 20220707 pravovoj forum belarusi img211109 02 Приложение 3 Баннер ПРО русск qr code 3 12 100229 1 157722 Изображ соцсети 1

Витебский государственный университет имени П.М. Машерова

home Адрес: 210038, г. Витебск, пр-т Московский, 33.

phone Телефон: (+375 212) 37-49-59 (приемная ректора)

printer Факс: (+375 212) 37-49-59

comment E-mail: info@mail-vsu.by

Социальные сети:

© Учреждение образования "Витебский государственный университет имени П.М. Машерова"