20 лістапада пры садзеянні Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Клуба медальернага мастацтва Латвіі, Пасольства Латвійскай Рэспублікі ў Беларусі і Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава ў Мінску адбылося адкрыццё выставы «16-е Латвійскае трыенале медальернага мастацтва».

Фото 1 Фото 2
Фото 3 Фото 4

Гэта арыгінальная і незвычайная ў многіх сэнсах выстава. Па-першае, гэта праект, задуманы для Латвіі, які на працягу ўсяго часу яго правядзення (а гэта амаль паўстагоддзя!) ніколі не пакідаў межаў гэтай краіны. Па-другое, перад віцебскім гледачом разгорнута ці не першая за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў спецыяльная выстава медаля, дзе можна адначасова бачыць творы больш двух дзесяткаў замежных аўтараў, якія звяртаюцца да такога асаблівага віда скульптуры малых формаў. Палова ўдзельнікаў дадзенай выставы – сябры Міжнароднай федэрацыі медальернага мастацтва (FIDEM), якая была створана ў Парыжы ў 1937 годзе дырэктарамі сямі найбуйнейшых манетных двароў Еўропы. Сёння гэта арганізацыя аб’ядноўвае банкіраў, скульптараў, музейшчыкаў, мецэнатаў, прыхільнікаў медальернага мастацтва з 44 краін свету. Мэта федэрацыі – папулярызацыя медальернага мастацтва і падтрымка скульптараў і майстроў медаля. Менавіта гэтай прафесійнай міжнароднай арганізацыяй рэгулярна праводзяцца кангрэсы і сусветна вядомыя выставы сучаснага медальернага мастацтва.

Як вядома, медальернае мастацтва ў сучасным яго разуменні ўзнікла ў эпоху Адраджэння ў Італіі. А ўжо пачынаючы з XVII стагоддзя гэты від дробнай пластыкі, у нечым роднасны гліптыцы, развіваецца ва ўсіх краінах Еўропы. У гісторыі медальернага мастацтва вядома вялікая колькасць выдатных майстроў, прадстаўнікоў розных нацыянальных школ, якія пакінулі багатую творчую спадчыну і, да таго ж, паўплывалі на напрамкі і манеру выканання мастакоў натупных эпох. Паколькі так ці інакш медалі з’яўляюцца своеасаблівымі мініяцюрнымі помнікамі эпохі, варта адзначыць, што цікавасць да медалёў, як да мастацкіх твораў і сімвалаў часу, была заўсёды.

Відавочна, што за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў адбыліся важныя зрухі ў развіцці медальернага мастацтва. Сучасныя медалі і блізкія да іх творы дробнай пластыкі адметныя павышанай эмацыянальнасцю і інфарматыўнасцю, узрастаннем ролі пластычных прыёмаў і спосабаў апрацоўкі паверхні, выкарыстаннем разнастайных манер і тэхнік выканання. У творах скульптараў змяніліся традыцыйныя ўяўленні пра кампазіцыю, пластыку рэльефа. У медалях, здаецца, больш няма ніякіх канонаў. Акрамя класічных, круглых, ствараюцца медалі самых разнастайных геаметрычных формаў. Часам медалі ўяўляюць сабой плакеткі – прамавугольныя пласціны невялікіх памераў, якія выконваюцца з аднабаковым ці двухбаковым рэльефам. Нярэдкімі сталі экспрэсіўныя манеры выканання пластыкі, зварот да фактурных і жывапісных эфектаў. Вытанчанасць прапрацоўкі дэталяў таксама перестала быць неад’емнай якасцю сучаснага медаля. І, тым не менш, медаль застаецца сапраўды манументальным творам і вельмі своеасаблівай формай развіцця мастацтва скульптуры.

Сёння здаецца, што медальернае мастацтва ўяўляе сабой вольную, нічым не абмежаваную творчасць, аб’яднаную толькі памерамі выконваемага арт-аб’екта. Ды і творчасцю ў гэтай, некалі вельмі прафесійна вузкай, галіне цяпер займаюцца не разьбяры і гравёры, а любыя мастакі, дызайнеры, творцы, якія здольныя стварыць прадмет дробнай пластыкі.

Усё, што адзначана вышэй, характэрна і для твораў сучасных медальераў Латвіі , якія прадстаўлены ў экспазіцыі ў Мінску. Але ці не найбольш значнае, на што хацелася б звярнуць увагу, гэта ярка выяўленая аўтарская індывідуальнасць латвійскіх аўтараў і разнастайнасць творчых пошукаў і мастацкіх прыёмаў, якія яны выкарыстоўваюць.

Фото 5

Міхась Цыбульскі,
кандыдат мастацтвазнаўства,
дацэнт кафедры выяўленчага мастацтва ВДУ імя П.М. Машэрава,
каардынатар выставы

 

patriot photo 2020 06 11 14 46 41 b6c9d020a8d98865ed811f64277eddcc logo Баннер Витебские вести banner vitbichi 02 правоby
logo god kachestva FEST STYLE 2024 600х400 МинЛоготип105 20220707 pravovoj forum belarusi img211109 02 Приложение 3 Баннер ПРО русск qr code 3 12 100229 1 157722 Изображ соцсети 1

Витебский государственный университет имени П.М. Машерова

home Адрес: 210038, г. Витебск, пр-т Московский, 33.

phone Телефон: (+375 212) 37-49-59 (приемная ректора)

printer Факс: (+375 212) 37-49-59

comment E-mail: info@mail-vsu.by

Социальные сети:

© Учреждение образования "Витебский государственный университет имени П.М. Машерова"