11-га снежня ў Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В.А. Грамыкі адкрылася выстава «Магія гуашы» Людмілы і Міхася Цыбульскіх. У экспазіцыі прадстаўлены дэкаратыўныя кампазіцыі, эскізы тканін і дываноў, пленэрныя эцюды, якія былі створаны мастакамі ў розныя перыяды творчасці.
Міхась Цыбульскі – прафесар кафедры выяўленчага мастацтва, сябра Беларускага саюза мастакоў (1999). Творча працуе ў алейным і гуашавым жывапісе. Удзельнік мастацкіх выстаў у Беларусі, Расіі, Германіі, Латвіі, Літве, Польшчы, Францыі. Прымаў удзел у шэрагу міжнародных пленэраў у Германіі, Латвіі, Літве, Польшчы, Беларусі. За куратарскую дзейнасць і папулярызацыю творчасці прадстаўнікоў Віцебскай мастацкай школы атрымаў ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны – 2015».
Людміла Цыбульская вучылася ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя І.В. Ахрэмчыка (Мінск), скончыла Віцебскі тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці па спецыяльнасці «Мастацкае канструяванне вырабаў лёгкай і тэкстыльнай прамысловасці». З 1985 па 2022 гады працавала на ААТ «Віцебскія дываны», у 2000 – 2011 гг. – з’яўлялася начальнікам мастацкай майстэрні. З 1985 года прымае ўдзел у мастацкіх выставах і пленэрах, у тым ліку міжнародных. Творча працуе ў графіцы і жывапісе. У 2010 годзе кіраўніцтвам Віцебскага аблвыканкама ўзнагароджана спецыяльным прызам як лепшы дызайнер Віцебскай вобласці.
Дадзеная выстава – не проста «Ода гуашы». Гэта запрашэнне адправіцца ў падарожжа ў непаўторны свет гэтага матэрыялу, адлюстраванне сапраўднай зачараванасці двух мастакоў унікальнымі якасцямі гуашы, яе асаблівай мовай, ключ да якой схаваны ў дэкаратыўнасці, чысціні, звонкасці і прамяністасці гэтых фарбаў.
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |





















